Бранае ткацтва — від народнага ўзорыстага ткацтва. Лакальныя назвы перабіранне, пераборы, набіранне на дошку, ператыканне? пярэбары, наборкі і іншыя. Узнікла з вынаходствам ткацкага станка гарызантальнага тыпу. Узоры браных тканін выконваліся пры дапамозе спецыяльнай дошчачкі-бральніцы[1].

Стварэнне пояса ў тэхніцы бранага ткацтва

Гісторыя

Раскопкі курганаў XII — XIII стагодзяў, выкананыя М. І. Булычовым  (руск.) на р. Угры, выявіла шарсцяную тканіну з клеткамі, выкананую бранай тэхнікай. Шырока прымянялася браніна ў Маскве ў царскай мануфактуры XVI—XVII стагоддзяў. У апісаннях расійскай палацавай маёмасці стала сустракаюцца «браныя» абрусы, «браныя» убрусцы[2].

Браная тэхніка ткацтва вельмі блізкая да вышыўкі процягам. Па гатовых узорах цяжка адрозніць, зроблена тканіна на ткацкім станку ці «выбрана» іголкай[2]. Такое падабенства дало падставы для спрэчак пра тое, якая з гэтых тэхнік першвасная, а якая вытворная. Большасць даследчыкаў сыходзіцца на тым, што шоў-набор папярэднічаў бранаму ткацтву, паколькі яно ў пэўнай ступені з’яўляецца механізаваным працэсам і дазваляе выконваць аналагічныя ўзоры з меншымі затратамі часу[3][4]. І сапраўды, вышыўка наборам вызначаецца больш вытанчанай распрацоўкай арнаментальных матываў і ювелірнасцю іх выканання[5].

Даследчыкамі заўважана, што з канца XIX стагоддзя вышыўка наборам саступае свае пазіцыі бранаму ткацтву, хоць і працягваецца іх суіснаванне ў многіх рэгіёнах Беларусі і суседніх краін[5].

Апісанне

 
Посцілкі, вырабленыя бранай тэхнікай, у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі

Па вонкавым выглядзе браныя тканіны нагадваюць вышыўку наперад іголкай  (укр.): і там і тут каляровая нітка праходзіць то зверху, то знізу палатна, не ўключаючыся ў палатнянае перапляценне[6]. Браны ўзор у тканіне злёгку рэльефны: у тым месцы, дзе ўзорысты ўток робіць насціл з правага боку, там ён узвышаецца над тканінай дзякуючы сваёй таўшчыні, а там, дзе ён хаваецца на выварат, атрымліваецца паглыбленне[6]. Гэтым браны ўзор адрозніваецца ад закладнога, зусім гладкага, нерэльефнага[6].

Паколькі бранае ткацтва вельмі працаёмкае, то часам яно рабілася дзвюма ткачыхамі разам, да таго ж выкарыстоўвалася толькі на частцы будучага вырабу — на канцах ручнікоў, манжэтах, падоле і гэтак далей[6]. Пры гэтым узор, які ўжо «набраны», можна было паўтарыць вялікую колькасць разоў, таму часам рабілі многа аднолькавых палос, якія потым можна было прышываць да розных вырабаў ці нават прадаваць. Пры гэтым адрэзаныя ад палатна і потым прышытыя да гатовага вырабу палосы лічыліся горшым варыянтам, чым вытканыя непасрэдна на ім[2].

Тэхналогія стварэння

 
Ручнік з в. Салаўі, Дубровенскі раён, 1910-я. Дубровенскія ручнікі робяць у тэхніцы бранага двухуточнага ткацтва

Адна ці дзве пракідкі робяцца палатняным (фонавым) перапляценнем, уток павінен быць такога ж колеру, як аснова, зеў утвараецца ад узняцця нітоў. Пасля гэтага павінна быць пракінутая ўзорыстая ўточная нітка іншага колеру, разы ў 2-3 таўсцейшая за фонавую. Часцей за палатно ткуць белым, узор — чырвоным або іншым колерам, кожная другая або трэцяя пракідка — узорыстая[6].

Разнавіднасці

Вядомы дзве разнавіднасці бранага ткацтва: аднаўточнае і двухуточнае[1].

Аднаўточнае ткацтва

Дазваляе атрымліваць паўажурныя і фактурныя тканіны, што выкарыстоўвалі для вырабу аднатонных ільняных, пазней — баваўняных абрусаў, ручнікоў, полагаў.

Двухуточнае ткацтва

 
Даматканая ільняная посцілка ў тэхніцы чатырохнітовага двухуточнага бранага ткацтва (дымка). Дадатковы ўзорны ўток — белая баваўняная нітка. Па краі — вязаныя кручком махры з кутасікамі.

Узорны ўток насцілаецца ў адпаведным парадку па полю, якое ўтвараецца перапляценнем ніцей асновы і фонавага ўтку.

Прыёмы ручнога ткацтва, якія выкарыстоўваюцца ў браным ткацтве, калі дадатковым утком часткова перакрываюць ніткі асновы адначасова з ткацтвам фона галоўным утком, у Заходняй Еўропе вядомы пад назвамі насцілы ўточныя, лансе ці лансіроўка. Яны выкарыстоўваліся таксама ў ткацтве французскіх шпалер і габеленаў. У адрозненне ад славянскага народнага ткацтва, у еўрапейскім габеленавым ткацтве ніткі ўзорыстага ўтка на адваротным баку маглі выстрыгацца[7].

Прылады

Бральніца

Прадстаўляе сабой дошчачку, якая павінна быць даўжынёй крыху больш за шырыню станка, шырынёй каля 3-4 см і таўшчынёй 2-3 мм. З аднаго боку бральніца завастраная накшталт кліну[6].

Пруткі ці шнуры

Круглыя палачкі дыяметрам 2-2,5 см. Шнуры называлі матузы[8].

На вялікай колькасці пруткоў можна было выконваць самыя складаныя ўзоры. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя выкарыстоўвалі да 80 пруткоў[8].

Рэгіянальныя асаблівасці

Браная тэхніка вядома ўсім групам усходніх славян, слабей яна праявілася ва ўкраінцаў, а набольш шырокае прымяненне атрымала ў паўднёвых рускіх і беларусаў[2].

У Беларусі

 
Даматканая ільняная посцілка ў тэхніцы чатырохнітовага двухуточнага бранага ткацтва (дымка). Можна бачыць негатыўнае адлюстраванне ўзору на адваротным баку, характэрнае для бранага ткацтва

У Беларусі ткацкі станок гарызантальнага тыпу з’явіўся з XIII стагоддзя, а з ім прыйшло і бранае ткацтва[1].

У канцы XIX стагоддзя адным з самых распаўсюджаных на Беларусі відаў ткацтва было бранае двухуточнае ткацтва, якое шырока ўжывалася для ўпрыгожвання народнага адзення, ручнікоў, абрусаў[1].

Арнамент беларускіх браных двухуточных тканін вызначаецца перавагай чырвонага колеру, дакладнай распрацоўкай геаметрычных матываў[1].

У беларускім ткацтве часам заміж пруткоў выкарыстоўваліся шнуркі (матузы). На «матузах» ткаць зручней, чым на прутках, паколькі пруткі маглі выпадаць з асновы. Ад колькасці «матузоў» залежала і складанасць узору. Чым больш «матузоў», тым, складаней узор. Напрыклад, тканіна, вырабленая на «адзiн, на два, на тры матузы», выконвалася адным утком i мела нескладаны геаметрычны ўзор — квадраты, прастакутнікі i iнш[8].

У Літве

У Літве бранае ткацтва было вельмі пашыранай тэхнікай[2]. Узоры мелі вялікае падабенства з арнаментыкай беларусаў[2].

У Расіі

Паўночнаруская экспедыцыя Інстытута этнаграфіі Акадэміі навук СССР  (руск.) у 1948 годзе выявіла агмень мнагакаляровага бранага ткацтва ў Валагодскай (Велікаусцюжскі раён) і ў Архангельскай (Прыморскі і Каргапольскі раёны  (руск.)) абласцях[2].

Крыніцы

  1. а б в г д Бранае ткацтва
  2. а б в г д е ё Лебедева, Н. И. Прядение и ткачество восточных славян в XIX — начале XX в. / Н. И. Лебедева. — [Москва : издательство АН СССР, 1956]. -С. 462—540 : ил.
  3. Маслова, Г. С.  (руск.) Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник /Г. С. Маслова. — М., 1978. — С. 30 — 31.
  4. Фадзеева, В. Я. Беларуская народная вышыўка / В. Я. Фадзеева. — Мінск, 1991. — С. 83.
  5. а б Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 321.
  6. а б в г д е Виды узорного ткачества. Браное ткачество (руск.)
  7. Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  8. а б в Браная техника в белорусском народном ткачестве (руск.)

Спасылкі