Перайсці да зместу

Архетып

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 10:46, 13 ліпеня 2024, аўтар JerzyKundrat (размовы | уклад) (ў)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)

Архетып (ад грэч. ὰρχέτῦπος — пачатак + вобраз) — універсальны правобраз, ці першавобраз (маці-зямлі, героя, мудрага старца, дэмана і інш.), які паўтараецца на працягу гісторыі паўсюдна, дзе свабодна дзейнічае творчая фантазія людзей.

Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэалістычнай форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў.

Тэрмін уведзены швейцарскім псіхолагам К. Г. Юнгам. Ён лічыў, што архетыпы ўзнікаюць з калектыўнага неўсвядомленага і з’яўляюцца асноўным зместам рэлігій, міфалогій, легенд, ляжаць у аснове сімволікі творчасці, рытуалаў, міфаў, казак, сноў, комплексаў і да т.п. На думку Юнга, архетып з’яўляецца больш старажытным, чым культура, і перадаецца не традыцыяй, мовай, а разам з мазгавой структурай чалавека. Архетыпы рэалізуюцца ў неўсвядомленых дзеяннях, выконваюць функцыі ментальнай тэрапіі для «заклапочанага і хворага чалавецтва». Архетыпы ментальнасці розных народаў свету сфармаваліся пераважна яшчэ ў старажытны перыяд, а потым на працягу многіх наступных стагоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў амаль нязменным, інварыянтным выглядзе.

Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.