Мікалай Мікалаевіч Олешаў
Мікалай Мікалаевіч Олешаў | |
---|---|
руск.: Николай Николаевич Олешев | |
Дата нараджэння | 8 (21) верасня 1903 |
Месца нараджэння | Пашахонне, Яраслаўская губерня, Расійская імперыя |
Дата смерці | 2 лістапада 1970 (67 гадоў) |
Месца смерці | Рыга, Латвійская ССР, СССР |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | СССР |
Род войскаў | Савецкая армія |
Гады службы | 1918—1969 |
Званне |
|
Камандаваў |
371-я стралковая дывізія 36-ы стралковы корпус 113-ы стралковы корпус |
Бітвы/войны |
Грамадзянская вайна ў Расіі Вялікая Айчынная вайна Савецка-японская вайна |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікала́й Мікала́евіч О́лешаў, або Але́шаў (руск.: Николай Николаевич Олешев; 8 (21) верасня 1903[1], Пашахонне, Яраслаўская губерня, Расійская імперыя — 2 лістапада 1970, Рыга, Латвійская ССР, СССР) — савецкі военачальнік Другой сусветнай вайны, генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза (1945).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 8 (21) верасня 1903 г. у горадзе Пашахонне (па іншых дадзеных — у Яраслаўлі) Яраслаўскай губерні ў сям’і капельмайстара артылерыйскага палка (па афіцыйных дакументах — у сям’і рабочага). Па нацыянальнасці з’яўляўся рускім. Скончыў царкоўна-прыходскае вучылішча і ў 1917 г. — кадэцкі корпус у Маскве.
Служба да Вялікай Айчыннай вайны
[правіць | правіць зыходнік]У лістападзе 1918 г. сышоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. У гады Грамадзянскай вайны юны чырвонаармеец служыў пры Яраслаўскім ваенным шпіталі, з мая 1920 г. па лістапад 1921 г. быў справаводам 283-га палявога шпіталя 13-й арміі Паўднёвага фронту. З лістапада 1921 г. служыў у органах ваеннай контрразведкі: супрацоўнік і ўпаўнаважаны Асаблівага аддзела УНК/ДПУ 18-й Яраслаўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі.
У верасні 1923 г. быў залічаны курсантам Цвярской кавалерыйскай школы імя Камінтэрну. Пасля сканчэння вучобы ў жніўні 1926 г. чырвоны камісар Олешаў быў накіраваны для праходжання службы ў войскі ДПУ/АДПУ/НКУС. Службу праходзіў у пагранічных часцях у Заходняй Сібіры і Прымор’і. З кастрычніка 1926 г. — памочнік начальніка і начальнік заставы, памочнік каменданта пагранічнага атрада па страявой частцы і начальнік манеўранай групы 51-га Троіцава-Саўскага (Градзекоўскага) пагранічнага атрада. З мая 1932 г. — памочнік начальніка манеўранай групы, старэйшы ўпаўнаважаны 54-га Нярчынскага пагранічнага атрада войскаў АДПУ. Са жніўня 1935 г. — начальнік палкавой школы малодшага начальніцкага складу 7-га кавалерыйскага палка войскаў НКУС Забайкальскай акругі. Са студзеня 1938 г. — начальнік 2-га аддзялення і часова выконваючы пасаду начальніка штаба 64-га Мангуцкага пагранічнага атрада. Са снежня 1939 г. — начальнік 1-га аддзялення штаба Кіравання пагранічных войскаў НКУС Забайкальскай акругі. У 1937 г. далучыўся да УКП(б).
У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў неаднаразова, у тым ліку і на правах камандзіра зводнага пагранічнага эскадрона, удзельнічаў у баях з атрадамі Белай Арміі, якія рэгулярна арганізоўвалі напады з Маньчжурыі на савецкую тэрыторыю. За адвагу і тактычнае майстэрства быў узнагароджаны імянным падарункам ад Калегіі АДПУ — сярэбраным гадзіннікам з надпісам: «За бязлітасную барацьбу з контррэвалюцыяй ад калегіі АДПУ». У 1930—1931 гг. таксама ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць узброеных фарміраванняў у Забайкаллі.
У ліпені 1940 г. маёр Олешаў быў пераведзены ў штаб Упраўлення пагранічных войскаў НКУС Кіеўскай акругі ў горад Кіеў начальнікам аддзялення, а праз месяц — у горад Львоў на пасаду начальніка 2-га аддзялення 1-га аддзела Украінскай акругі. У 1941 г. завочна скончыў першы курс Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ.
Вялікая Айчынная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў у Заходняй Украіне. Быў начальнікам штаба зводнага пагранічнага атрада Паўднёва-Заходняга фронту. Падчас адступлення аб'яднаў вакол сябе дробныя падраздзяленні пагранічнікаў, якія адбіліся ад сваіх часцей. Зводны атрад прайшоў з баямі па маршруце: Праскураў — Вінніца — Белая Царква — і выйшаў з акружэння. У далейшым маёр Олешаў ваяваў на Заходнім фронце, удзельнічаў у абароне горада Белы.
У лютым 1942 года прызначаны камандзірам 371-й стралковай дывізіі 30-й арміі Калінінскага фронту. Удзельнік шматлікіх наступальных і абарончых аперацый Ржэўскай бітвы. Першая буйная баявая задача, якую яму прыйшлося вырашаць на пасадзе камдыва і з якой ён паспяхова справіўся — прабіць калідор для савецкіх часцей, якія апынуліся ў акружэнні пад Ржэвам. 14 лютага 1943 года Олешаву было прысвоена званне «генерал-маёр».
З мая 1943 года — камандзір 36-га стралковага корпуса 31-й арміі Заходняга (з 24 красавіка 1944 года — 3-га Беларускага) фронту. На гэтай пасадзе адзначыўся ў баях летам-восенню 1943 года па вызваленні гарадоў Ярцава і Смаленска ў Смаленскай наступальнай аперацыі. Летам 1944 года корпус Олешава ўдзельнічаў у Беларускай наступальнай аперацыі, у баях за вызваленне гарадоў Дуброўны і Оршы.
3 ліпеня 1944 года распараджэннем камандуючага 31-й арміяй генерала-палкоўніка Васіля Васільевіча Глаголева быў прызначаны першым ваенным камендантам толькі што вызваленай сталіцы Беларусі — горада Мінска. За дзесяць сутак, на працягу якіх Олешаў займаў гэту пасаду, у Мінску ўдалося расчысціць ад цагляных завалаў многія вуліцы, зняць і абясшкодзіць тысячы мін, акрамя таго, тут былі адноўлены электрастанцыя і водазабеспячэнне.
4 ліпеня 1944 года генерал-маёр Олешаў быў прызначаны камандзірам 113-га стралковага корпуса 39-й арміі 3-га Беларускага фронту, з якім прайшоў да канца вайны. Корпус пад яго кіраваннем паспяхова змагаўся ў Прыбалтыцы (Каўнаская, Мемельская аперацыі) і Усходняй Прусіі (Гумбінен-Гольдапская, Усходне-Пруская аперацыі). Падчас Мемельскай наступальнай аперацыі корпус 9 кастрычніка 1944 года, дзейнічаючы ў авангардзе 39-й арміі, авалодаў горадам Шмаленінгкен-Віткемен.
Падчас Усходне-Прускай стратэгічнай наступальнай аперацыі 113-ы стралковы корпус разам са ўсёй 39-й арміяй зноў вёў баявыя дзеянні ў складзе войскаў 3-га Беларускага фронту. Корпус адзначыўся ў баях за горад Тыльзіт і яго наваколле, за што на падставе загада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага атрымаў ганаровае найменне «Тыльзіцкі». За ўдзел у штурме сталіцы Усходняй Прусіі горада Кёнігсберга корпус быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 5 мая 1945 года камандзіру корпуса было нададзена чарговае воінскае званне «генерал-лейтэнант».
Пасля сканчэння баявых дзеянняў у Еўропе 113-ы стралковы корпус у складзе 39-й арміі быў перакінуты на ўсход і ўвайшоў у склад Забайкальскага фронту. Падчас савецка-японскай вайны з 9 жніўня 1945 года корпус, які ўзначальваў генерал-лейтэнант Олешаў, перайшоў у наступленне. Ён імкліва фарсіраваў хрыбет Вялікага Хінгана, за 15 дзён няспынных баёў прасунуўся наперад на 950 км, пры гэтым вызваліўшы кітайскія гарады Ваньемяа, Ляаян, Сыпін і Мукдэн. Падраздзяленнямі корпуса былі ўзяты ў палон каля 2500 салдат і афіцэраў праціўніка і захопленыя багатыя трафеі. Корпус атрымаў другое воінскае ганаровае найменне — «Мукдэнскі». Пасля гэтага корпус стаў мець афіцыйную назву «113-ы стралковы Тыльзіцка-Мукдэнскі Чырванасцяжны корпус».
На ўсім працягу баявых дзеянняў генерал-лейтэнант Олешаў выяўляў выключныя мужнасць і энергію, умела кіраваў сваімі і падначаленымі яму войскамі, добра распрацаваў і арганізаваў узаемадзеянне ўсіх родаў войскаў. Ён знаходзіўся пастаянна перад войскамі і ўмелым ды рашучым дзеяннем забяспечваў бліскучае выкананне пастаўленай перад корпусам баявой задачы, пры гэтым меў вельмі нязначныя страты ў асабовым складзе сваіх войскаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 верасня 1945 года за ўмелае кіраванне корпусам, узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з японскімі мілітарыстамі і выяўленыя падчас гэтага мужнасць і гераізм генералу-лейтэнанту Олешаву Мікалаю Мікалаевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» (№ 8747).
Зноскі
- ↑ Даты ў артыкуле прыведзены па старым і новым стылі, калі падзеі адносяцца да дарэвалюцыйнага перыяду і Грамадзянскай вайны ў Расіі, таму што ў Расійскай імперыі і на Белым Поўдні выкарыстоўваўся стары стыль.
- Нарадзіліся 21 верасня
- Нарадзіліся ў 1903 годзе
- Памерлі 2 лістапада
- Памерлі ў 1970 годзе
- Пахаваныя на Траякураўскіх могілках
- Выпускнікі Ваеннай акадэміі Генштаба
- Асобы
- Генерал-лейтэнанты СССР
- Героі Савецкага Саюза
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна Суворава II ступені
- Кавалеры ордэна Кутузава II ступені
- Кавалеры ордэна Багдана Хмяльніцкага II ступені
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Узнагароджаныя медалём «За адвагу»
- Узнагароджаныя медалём «За абарону Масквы»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Японіяй»
- Узнагароджаныя медалём «За ўзяцце Кёнігсберга»
- Узнагароджаныя медалём «XX гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі»
- Узнагароджаныя медалём «За Перамогу над Японіяй» (МНР)
- Нарадзіліся ў Пашахонні
- Памерлі ў Рызе